КЛУБОК АРЫЯДНЫ
 ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
 ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ

Культурныя вынікі - 2009.

Пяць айчынных беларускамоўных песень Што ж? Адстаўлю я ў бок келіхі і кілішкі. Схаваю ў лядоўню недаедзены аліўе па-савецку Вазьму-ка ў рукі чароўную прызму эгацэнтрызму і зірну на культурны даробак 2009 года. Зірну не толькі на беларускую культуру, але і трошкі шырэй.

Пачну з музыкі, бо тут, дзякуючы сучасным тэхналогіям, нічога не трэба пакутліва прыгадваць. Дастаткова наведаць мой акаўнт на Last.fm і ўбачыць падрабязную статыстыку праслуханых мною за апошнія дванаццаць месяцаў песень.

Вось жа пяцёрка найбольш слушных айчынных беларускамоўных песняў.

Удумлівы слухач

1. KRYVAKRYŽ «Сьвету толькі зачын» («Pasaulio dar tik pradiža»)
Вельмі дзіўная і па музыцы, і па манеры выканання песня, якая ўзрушыла мяне ад самага першага праслухоўвання і працягвае ўзрушваць па сёння. Алесь Мікус здолеў пераўвасобіць верш літоўскай паэткі Рэгіны Кацінайтэ-Лумпіцкене ў насычаную невымоўна станоўчай (стваральнай) энергетыкай балта-крыўскую мантру. Ясна, што не ўсе такі погляд падзяляюць. Але мне асабіста гэта песня надае сілаў перад пачаткам працоўнага дня, а ў яго канцы кампенсуе сілы страчаныя. У нулявых гадах ніводная з беларускіх песень не мела на мяне такога чароўнага уздзеяння.

2. J:МОРС «Не здавайся»
Песня аднаго з любімых айчынных гуртоў. Яна пра ўсё, што блізка чалавеку, які штодзённа сутыкаецца з бясконцай інфармацыйнай плынню. Яна пра стому ад прынадаў віртуальнага жыцця і ад падступнай бязмежнасці медыйнае прасторы. Пэўныя радкі («усім нельга дапамагчы») гучаць досыць жорстка. Але агульны пафас скіраваны ў станоўчае рэчышча: з жудаснай цемры можна выйсці, галоўнае – не здавацца. А тое, што ў песні згадваецца фенікс, мяне падкупіла адразу ж і без агаворак. Феніксы – гэта маё, гэта роднае.

3. Naka «Бяжы»
Песню Насты Шпакоўскай палюбіў яшчэ ў рускай версіі. Усё-ткі здараюцца містычныя збегі абставін. Над стварэннем беларускай версіі гэтай песні працаваў Глеб Лабадзенка. Але ж не заладзілася. Напэўна праз супраціў арыгінальнага тэксту. І справа перакладу была прапанавана мне з умовай зрабіць яго літаральна за тры дні, бо дэдлайн і ўсё такое. За гэтыя тры дні я проста зліўся з песняй. Я дыхаў кожным радком і захлынаўся ў эмоцыях, якія яна выпраменьвала. Можа таму супраціў тэксту быў пераадолены. У каторы раз слухаю тое, што атрымалася ў выніку. Яно па-ранейшаму вярэдзіць душу. Яно па-ранейшаму ўзрушвае памяць. Яно па-ранейшаму з’яўляецца часткай майго «Я».

4. Дакота «Запалкі»
Беларуская версія песні загучала абсалютна нечакана. Колькі яе ні слухаў, увесь час здавалася, што яна выпала з іншай рэальнасці. Той рэальнасці, дзе беларускі поп-рок здатны быць менавіта беларускім. Яна арганічна ўпісваецца ў паралельны сусвет, які я стварыў у аповесці «Пятля зацятасці». А за радок «У астрог затулю, я каханне спалю запалкамі мокрымі» рэспект Глебу Лабадзенку як перакладчыку і самой Дакоце як уладальніцы неверагоднай манеры выканання.

5. Dа! Бл… «Параноя»
Першае праслухоўванне гэтай песні ў мяне выклікала скептычны чмых. Я і думаць не думаў, што вярнуся да яе яшчэ раз. Але зусім неспадзявана песня загучала ў маёй галаве. Было гэта ўлетку пасля выпускнога вечара, добрую частку якога не было электрычнасці з прычыны жахлівай непагадзі з маланкамі, залевай і ветрам, які ламаў дрэвы. Развітаўшыся ці не самым з любімым маім выпускам, я ішоў праз шэры мокры схаладнелы горад і раптоўна заспяваў:

Зноў, як гадзіннік без стрэл,
Для цябе не паспеў
Упарадкаваць час існавання.


Стала ясна, што песня проста так з майго жыцця не знікне. У нейкім сэнсе яна пра мяне.

Карцінка: WithinEye

Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)

Імя

Паведамленьне








Puls.by - в ритме жизни! Rating All.BY Каталог EXE.BY Каталог+поисковая система Каталог TUT.BY Белорусский рейтинг MyMinsk.com Яндекс цитирования
Асноўны зьмест © Сяргей Балахонаў | Дызайн © Ad Minataurus
Разьмяшчэньне любых матар'ялаў на іншых вэб-праектах дазваляецца з пазнакай аўтарства і спасылкай на гэты сайт.
Іншыя формы публікацыі дапускаюцца па ўзгадненьні з аўтарам.