Пяць замежных песеньКалі шчыра, дык з любоўю да замежных музыкаў у мяне тугавата. Гэта не значыць, што нічога з замежнага я не слухаю. Слухаю. Але за год не набіраецца крытычнае масы праслухоўванняў, каб скласці
збольшага аб’ектыўны прыватны рэйтынг. Зрэшты, паспрабую гэта зрабіць, аперыруючы той інфармацыяй, што сабраў
Last.fm.
У святле неабвержных фактаў мая пяцёрка замежных кампазіцый 2009 года выглядае нечакана страката.
1. Alexandre Desplat «New Moon» («The Meadow») Не зважаючы на маю зацятую непрыязь да
сагі пра любоў дзяўчыны да вампіраў, дзе гэтая інструментальная кампазіцыя прагучала, яна (кампазіцыя) здолела скарыць мяне і паставіла ў невыгоднае становішча мой чарговы рэнесанс цынізму, звязаны са
стопіццотай любоўнай паразай. Рамантычны пачатак выкарчаваць цяжка. Нават на трыццаць трэцім годзе жыцця.
2. Alexander Rybak «Fairytale»Песня
Аляксандра Рыбака прынца нарвежскага асаблівых эмоцый у мяне не выклікала. Я слухаў яе дзеля
спартыўнага інтарэсу, не разумеючы, чаму гэта ўсе навокал сталі мітусіцца ў звязку з перамогай спевака на конкурсе
«Еўравізія». Зрэшты, і самі людзі не заўсёды разумелі ўласнае мітусні з гэтае нагоды. Не забуду падслуханую ў аўтобусе размову дзвюх дзяўчат, на мабільніку адной з якіх загучала «Fairytale». Гаспадыня мабільнка спакойна прызналася:
«И всё же песни Рыбака – это полный отстой». І ўсё ж я далучыўся да агульнай мітусні і адным з першых пераклаў тэкст песні на беларускую мову.
3. Барто «Скоро все ебнется» (feat. Naka)Песня расійскага электраклэш-праекту (у супрацы з нашымі суайчыннікамі) прывабіла іранічным абыгрываннем электроннай музычнай спадчыны
далёкіх 90-х. Яна трапна б’е адразу па двух зайцах – дэжавю і настальгіі. З першых гукаў здаецца, што гэта ты некалі чуў. З камяком у горле згадваеш, як старшакласнікам дрыгаўся пад
«No Limit» 2 Unlimited, вар’яцеючы ад кахання да
Юлі з іншай школы – дзяўчыны падобнай на
Алісію Сільверстоўн (
Alicia Silverstone). Але тэкст песні ад пачатку супярэчыць настальгічна-дэжавюшным чаканням. Ён пра прыватныя наступствы глабальнага эканамічнага крызісу для прадстаўнікоў расійскага
офіснага планктону. Вельмі злая сатыра, дарэчы.
4. Muse «Resistance»Песня стварае шчымлівае адчування набліжэння да таямніцы, якая ёсць, але да якой вось-вось дабярэцца нехта іншы, і да гэтага на душы мутарна-мутарна, ажно мабілізуеш усе ўнутраныя сілы, каб выйсці пераможцам. Калі-небудзь я абавязкова перакладу гэтую песню на беларускую. А ўвогуле мне не сорамна прызнацца, што я багамлю творчасць хлапцоў з Muse. Я не стамлюся паўтарыць, што
шчаслівы жыць з імі ў адзін час.
5. Rammstein «Roter Sand»Мастацкі свіст, што выкарыстоўваецца ў песні, адразу прынадзіў мяне. Адчулася нейкая свойскасць, нібы насвіствае не
нямецка-фашысцкі немец, а мой стары прыяцель перад чарговай чарачкай айчыннага шнапсу. Пачатак жа ўласна інструментальнай часткі выклікаў трывалую асацыяцыю з пачаткам старой добрай кампазіцыі
«Tears Of...» Акіры Ямаока (
Akira Yamaoka). Наўмысна ці не, але гэтым самым немцы закінулі маю свядомасць у горад, які поўніцца пачварамі і ў якім трэба бегаць ад краю да краю, спраўджваючы кірункі сваёй беганіны па знойдзеных картах. Але гэтыя немцы не былі б самі сабою, калі б перакінулі масток падобнай асацыяцыі і ў тэкст песні. У тэксце спрэс пафас процістаяння і барацьбы за каханне. Чырвоны пясок, два пісталеты, белыя галубкі – што яшчэ трэба для любоўнай рамантыкі! Зрэшты, манера выканання
Тыля Ліндэмана (
Till Lindemann) гэтым разам не адрозніваецца выключным надрывам, які быў у ранейшых песнях накшталт
«Ohne dich» ці
«Amour». Ён спявае так, быццам усё тое, пра што пяецца даўно адбалела і выклікае адно паблажлівую ўсмешку. Згадваючы свае юнацкія спробы выклікаць свайго канкурэнта на двубой, я разумею, што Ліндэман мае рацыю, і слухаю песеньку ў чарговы раз.
Карцінка: Smiley-sweety