Пяць беларускіх культурніцкіх праектаў
Добра, што сярод нашых суайчыннікаў ёсць людзі, якія здатныя не толькі да агучвання ідэяў, але і да іх рэалізацыі. Маючы розныя стартавыя ўмовы,
людзі-маторы робяць добрую справу, ажыццяўляючы цікавыя праекты культурніцкага кшталту. Назаву пяць лепшых, на маю думку, праектаў 2009 года.
1. «Тузін. Перазагрузка» – інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» і грамадская ініцыятыва «Будзьма беларусамі» Праект даў магчымасць для творчай супрацы айчынных музыкаў, якія звычайна не спяваюць па-беларуску, і айчынных жа пісьменнікаў (не блытаць з рускімі пісьменнікамі ураджэнцамі Беларусі!) з мэтай абеларушвання тэкстаў найбольш хітовых песень. У выніку дванаццаць песень розных стыляў загучалі па-беларуску, і насуперак
злоснікам ды агуднікам многія з іх паспелі атрымаць пэўную папулярнасць.
2. Праект «Народныя казкі для дзетак» – ініцыятыва ЮНІСЕФ у БеларусіКалекцыя аўдыёзапісаў беларускіх народных казак у акторскім выкананні дасяжная зараз на адмысловым, прыгожа аздобленым,
сайце. Праект у нейкай ступені робіць палёгку бацькам, якія хацелі б гадаваць сваіх дзетак на беларускіх казках, але з вядомых прычын не маюць магчымасці знайсці іх у сучасным тэхнічным увасабленні.
*Эх, каб шчэ і мульцікі пачалі рэгулярна рабіць...*
3. «ПрайдзіСвет» – часопіс перакладной літаратурыДзівосная спроба
сеціўнага часопіса , у якім публікуюцца пераклады твораў сусветнае літаратуры ў перакладах на беларускую мову. Для мяне вялікая загадка, як рэдакцыя
«ПрайдзіСвету» змагла змабілізаваць даволі шырокае кола перакладчыкаў, але факт застаецца фактам – у 2009 годзе з’явілася тры электронных (так хіба назваць?) нумары з увасобленымі па-беларуску паэтычнымі і празаічнымі творамі ўкраінскіх, польскіх, амерыканскіх, нямецкіх і інш. пісьменнікаў.
4. Літаратурны нумар часопіса ARCHEДзесяты нумар
ARCHE за 2009 год ці не ўпершыню пасля працяглага перапынку вяртае часопіс амаль выключна да літаратурных справаў. І афармленнем вокладкі, і гарманічным падборам матэрыялаў нумар
стаўся ўзорам таго, як можа выглядаць добры беларускі тоўсты літаратурны часопіс.
5. «Дні блогера» на Радыё СвабодаПраект спрабуе аб’яднаць пэўнай тэматычнай зададзенасцю і сабраць на адной інтрэрнэт-пляцоўцы беларускіх блогераў з часцяком вельмі адрознымі ідэалагічнымі, эстэтычнымі дый проста жыццёвымі прынцыпамі. У белнэце праект не мае аналагаў.
Карцінка: leonard-ART