|
КЛУБОК АРЫЯДНЫ
ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
|
|
ПРОЗА: АПАВЯДАНЬНІ, САГІ, ЭСЭ, АРТЫКУЛЫ
Песьні вайны. Песьні каханьня
Цэлы год мне нагадваюць пра вайну. Я і сам ня менш рэгулярна мушу казаць пра яе. Гэта прафэсійнае. Цэлы час мне кажуць пра каханьне. Я і сам пэрыядычна мушу нагадваць сабе пра яго. Гэта клінічнае. Іншым разам здараюцца мэнтальныя землятрусы, і мяжа між выпрабаваньнем вайной і каханьнем робіцца не зусім выразнай. Гэта чароўнае.
Палітінфармацыйны стэнд на прыпынку "Цырк" – гэта заўсёды добра. Аўтобус пачакаць, на газэткі паглядзець. Горад сьвяткуе гадавіну вызваленьне ад фашысцкай гадзіны. На першай паласе жаніх і нявеста ўскладваюць кветкі да вечнага агню, які, дзякуючы намаганьням фотадызайнэраў, патанае ў Леце, адкуль чырвонаармейцы чэрпаюць натхненьне для перамогі над татальным злом. Мяне, зрэшты, здумляе не дызайнэрскі ход, а нявеста на здымку. Не, я не пазнаю ў ёй колішняе каханьне, але ўяўляю, што гэтае насланьнё можа здарыцца з кімсьці іншым. Прабівае на дрыготку.
Два маіх апошніх каханьня былі для мяне, як Хірасіма і Нагасакі. Пасьля іх я падпісаў акт аб безумоўнай капітуляцыі перад нявер'ем у гэтае пачуцьцё. Можа таму мяне не адольвае трымценьне, калі спасярод начы прыялатае чарговае SMS зь вельмі чульлівымі словамі. Я нават дазваляю сабе не адказваць, хаця й ведаю, што аўтарка дужа чакае маёй рэакцыі, адчуваючы адзіноту ў цемры суседняй дзяржавы – на тым лапіку нашай плянэты, які яшчэ сто гадоў таму Яўхім Карскі сьмела далучаў да этнічна беларускіх абсягоў. Можа быць Карскі і здолеў бы змагчы ейную адзіноту. Толькі ня я.
Я пужаюся шторазу, калі вахтэрка на працы паведамляе, што мяне пыталася якаясь расфуфыраная дзеўка. Пужаюся, бо ніколі потым не магу дашукацца сьлядоў гэтай легендарнай фэміны. Пужаюся, але строю міну, што хаўрус мяне і расфуфыраных дзевак – гэта цалкам нармальнае і рэальнае зьявішча. Бо я ж яшчо маладой. Стараюся распушчаць хвост паўлінам, чым падманваю вельмі многіх. Прынамсі тых, хто гатовы падмануцца. Сам падманвацца развучыўся. Таму, калі адкрываю паведамленьне "УКантакце" і чытаю прызаньне баявітай дзяўчыны ў раптоўным каханьні да мяне, веры даваць ня хочу. Бо будзе зноў самападман. Праўда, нешта зь сярэдзіны не-не, дый пацьвеліць мяне, заклікаючы рушыць у бой і там разабрацца, дзе праўда, дзе мана. Той бок развагі апэлюе да біялягічнага пачатку і амаль даслоўна паўтарае ўшчуваньне тэрмінатара з трэцяй часткі кінаэпапеі, адрасаванае Джону Конару: "Здаровая жанчына ў веку прыдатным для рэпрадукцыі. Што табе яшчэ, гіцаль трэба?"
А і сапраўды, што мне трэба паміж песьнямі вайны і песьнямі каханьня? Што я магу патрабаваць ад лёсу, калі ведаю, што ад жонкі з карымі вачыма ў мяне будуць дзеці толькі з вачыма гэткага ж колеру, бо кары колер заўсёды дамінуе? Ведаю, але ня маю сілаў убачыць у жаночых вачох нешта больш звабнае, чым уласна колер. Іншым разам я нагадваю сабе кракадзіла, вакол якога танчаць дзеці. Гэта такі фантан быў. У Сталінградзе. Каторы раз гляджу на здымак часоў другой сусьветнай з выявай гэнай скульптурнай камапазыцыі на тле руінаў. Каторы раз мне здаецца, што застылыя фігуры дзяцей вось-вось ажывуць і прадоўжаць свой карагод пад гукі кампазыцыі "Nightmarish Waltz" Акіры Ямаокі, а кракадзіл будзе ліць фантаны сьлёзаў па тых, хто так і не нарадзіўся ад мяне.
Зь дзецьмі іншых бацькоў слухаем запісы з голасам Левітана пра вераломны напад, посьпехі чырвоных пад тым самым Сталінградам і падзеньне трэцяга рэйху. Слухаем і амаль сынхронна нараджаем дзіўную думку: а як бы пра ўсё гэта казалі кручоныя ды-джэі цяперашніх фм-станцыяў? Спонсором сводки о положении на Курской дуге является Белорусский штаб партизанского движения. Белорусский штаб партизанского движения – всегда хорошие новости с фронта и тыла. Гэта толькі плён нашай супольнай фантазіі, апаленай пажарышчамі вайны культураў.
Але на дзень вызваленьня слупы ў цэнтры гарода з рэпрадуктараў загаворваюць сапраўды ды-джэйскімі галасамі. Пра ратны вычын і працоўны гераізм. Я моўчкі іду праз моцную хвалю радыйнага патаса і бажавольна ўсьміхаюся. Між рэпрадуктарамі стаіць гурт дзяўчынак з афарбаванымі пад смоль валасамі і вялікімі значкамі "Tokio Hotel" на вопратцы ці торбах чорна-ружовага колеравага спалучэньня. Тыповая прадстаўніцы суб-культуры emo. І тады, як ды-джэй накатвае: "Немецко-фашистские войска были изгнаны из нашего города", эмачкі няголасна заводзць: "Komm und rette mich…" Я не ўхваляю іх, але і не ганю. Каму, як ня мне ведаць пра две разных войны в голове. Я толькі спрабую адказаць на пытаньне: якія зь іх атрымаюцца мамы? І сум мяне гартае.
1 сьнежня 2008 г.
Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)
|
| 



|