пра сеціўных ананімаў і ня толькі
Хто такія?
Амаль штодня я зазіраю ў маю паштовую скрынку на gmail.com. Апроч звычайных лістоў, туды прыходзяць паведамленьні з блог-сэрвісу Livejournal.com (там я вяду інтэрнэт-дзёньнік) аб камэнтарах да маіх допісаў. І штораз, калі ў полі "Тэма паведамленьня" я заўважаю пазнаку "Нехта пакінуў камэнтар на Ваш допіс", мне бывае дастаткова цяжка стрываць раптоўную хвалю трымценьня. Гэты надпіс сігналіць аб трапляньні пад увагу ананімнага карыстальніка блог-сэрвісу. Колькі гадоў сеціўнага камунікаваньня сьцьвердзілі мяне ў думцы, што ананімная ўвага вельмі рэдка можа лучыць у сабе штось пазітыўнае. Прызвычаіўшыся да масы спэцыфічна інтэрнэтаўскіх рэчаў, я ніяк не магу прывыкнуць да рэйдаў ліхіх ананімусаў, сьведкам якіх даводзіцца іншым разам быць.
Паклаўшы руку на сэрца (ці там яшчэ кудысь
), трэба сказаць, што дакладнага азначэньня панятку сеціўны ананім даць ня так проста. Спэцыфіка інтэрнэту такая, што сама зьява ананімнасьці ў ім штука адносная. Таму пад сеціўным ананімам варта разумець інтэрнэт-карыстальніка, чый віртуальны вобраз ня можа быць дэмаскіраваны іншым інтэрнэт-карыстальнікам у канкрэтным прыватным выпадку. Усе гэтыя канкрэтныя прыватныя выпадкі асягнуць цяжка. Па гэтай прычыне наўрад ці магчыма прапанаваць трапную клясыфікацыю сеціўных ананімаў. Але, пачухаўшы пэўны час патыліцу, я ўсё ж наважыўся падзяліць апошніх на некалькі адмысловых і вельмі ўмоўных групаў.
Чыстыя ананімы
Першую і відавочна самую вялікую (хоць, ясна, іх ніхто лінейкай ня мераў) групу складаюць чыстыя ананімы. Чыстыя не таму, што пяць раз на дзень ходзяць мыцца. Гэта тыя карыстальнікі сеціва, якія пакідаюць у інтэрактыўных асяродках пэўныя сьляды, не пакідаючы прытым пра сябе ніякіх зьвестак, якія маглі б прывесьці да іх выкрыцьця кожным іншым сярэднестатыстычным карыстальнікам (тут наўмысна не бярэцца ў разьлік тэхнічны бок справы, бо ня кожны шараговы інтэрнаўт можа адсочваць IP-адрэсы, старонкі, зь якіх адбыліся пераходы на канкрэтны сайт і г.д.).
Яскравым прыкладам чыстых ананімаў зьяўляюцца згаданыя напачатку гэтага артыкулу вэбсёрфэры, якія гуляюць на адвазе карыстальнікаў блог-сэрвісу livejournal.com (далей – ЖЖ-юзэры), што ў наладках сваіх інтэрнэт-дзёньнікаў дазволілі магчымасьць ананімных камэнтароў. Як такі вось адважны блогер мушу адзначыць, што функцыя "Дазволіць ананімныя камэнтары" ўсё-ткі зручная, бо іншым разам у камэнтаваньні допісаў адзначаюцца цалкам адэкватныя людзі, якія не зьяўляюцца ЖЖ-юзэрамі, але хочуць выказаць свае думкі з тае ці іншае нагоды. Вось адзін з прыкладаў:
Сяргей, табе асабісты РЭСПЕКТ за Грушу! (Перадаваў праз К-ку, але вось бач – ты чалавек публічны :)) у сеціва ходзіш ) Трошкі спадзяюся, прэтэндую на тое, што мой асобнік знаходзіцца найдалей ад Беларусі. (Адлічы за Маскву яшчэ 120км на поўнач :))\\Кастусь".
Добрае слова і котцы да смаку
Аднак нярэдка ў ЖЖ даводзіцца сутыкацца з чыстымі ананімамі іншага парадку: неадэкваты і спамэры. Першыя злоўжываюць асабовым аргумэнтам (пэрсаналізаваная лаянка, абразы, пагрозы, флуд як такі). То бок, калі ў сваім блогу вы атрымаеце комэнт накшталт: "Ты пидараз и таких, как ты нада изтриблять", можаце быць пэўнымі, што ў ваш вэб-агарод панадзіўся інтэрнэт-казёл зь ліку неадэкватаў. Самае лепшае, што можна тут зрабіць – выдаліць камэнтар (пацерці комэнт) і не адказваць. Але не ва ўсіх на гэта хапае нэрваў, і яны кідаюцца на спрэчкі зь невядома кім (віртуальная карыда з вэб-кзаламі).
Чыстыя ананімы зь ліку спамэраў, пакідаюць шаблённую інфармацыю, якую блогер, хутчэй за ўсё, не хацеў бы бачыць у камэнтарах да сваіх допісаў. Спамэрства ў ЖЖ мае выяўна чалавечую прыроду, бо робаты, за рэдкім, блатным, выключэньнем (напрыклад, Яndex'аўскі бот, які паведамляе аб трапляньні допісу ў топ-сьпіс) ня могуць пакідаць камэнтары па прычыне адмысловай абароны (некалі на досьвітку майго знаёмства з ЖЖ я быў уражаны фразай: "Дакажыце, што Вы ня робат"). Спамэры, як і неадэкваты ціснуць на псыхіку, таму і ў абыходжаньні зь імі трэба быць гранічна зьледзянелым, хладнокровным, калі ўжо казаць моваю Лермантава. У адным з маіх допісаў, які быў прысьвечаны пошуку песенных мінусовак, спамэр колькі разоў прапаноўваў сьцягнуць mp3 для мабільніка з вэб-старонкі, у назьве якой прысутнічалі мацюкі.
Апошнім часам здараецца сустракаць нейкае дзіўнае спамэрства, калі ананімус удае зь сябе чалавека не ад сьвету гэтага. Так у маім блогу зьявіўся комэнт з тэматычнай пазнакай "Кто-либо заработал в интернет?", зьмест якога нараджаў вобраз наіўнай сеціўнай задумлёнкі, што прагне рыцарскай дапамогі ў досыць спэцыфічнай справе:
Добрый день всем жителям форума balachon.livejournal.com! Может я не в тему тут, но смертельно уж интересует вопрос, где можно заработать в интернете? Пробовала кучу разных способов, таких как клики, Nocs, регистрации, однако к сожалению время потрачено впустую. Вот и хотелось спросить, может кто выручит девушку – бросит несколько линков на реальные сайты. Только лишь, пожалуйста, не предлагайте МЛМ и волшебных кошельков".
Можа табе яшчэ і ключы ад дома даць?..
Да чыстых ананімаў, відаць, варта далучыць і тых інтэрнаўтаў, якія адзначаюцца ў гасьцёўнях ці формах зваротнай сувязі сайтаў, выкарыстоўваючы нестабільныя нікі і ня ўказваюць ніякай дадатковай інфармацыі (e-mail, url, icq і г.д.), якая б дазволіла іх хаця б прыблізна ідэнтыфікаваць. Тут між іншым тоіцца небясьпека прысабечваньня чужых сталых нікаў або рэальных прозьвішчаў вядомых асоб. Неўказаньне дадатковай інфармацыі пра сябе, як і даньне заведама ілжывых зьвестак, павінны быць папярэджаньнем – допісы гэтага юзэра, хутчэй за ўсё, варта ігнараваць, бо ёсьць небясьпека суткненьня з неадэкватнасьцю.
Нярэдка з такой халерай даводзіцца сустракацца ў гасьцёўні
музычнага парталу
"Тузін гітоў". Там ёсьць пастаянная тусоўка музыкаў, журналістаў, вэб-майстраў, літаратараў, якія маюць даўно ўсталяваныя пазнавальныя нікі. Але пэрыядычна зьяўляюцца
ананімусы (выпадковыя або плянамерныя), якія спрабуюць зганіць кагосьці, падпісваючыся пры гэтым абсалютна
левымі нікамі. Яны безапэляцыйна ганяць справу масы людзей (фразы накшталт "
музыка гаўно", "
сайт гаўно"), робяць кропкавыя ўдары (адзін такі
крытык без дай прычыны выпісаў і мне
пэрсанальны фак). Добра, што ўчасна працуюць мадэратары, якія жорстка сякуць
неадэкватаў.
Зрэшты, гасьцёўні ўжо і ня ўпісваюцца ў сучасную вэб-філязофію, і многімі адмыслоўцамі лічацца анахранізмам, перажыткам раньняй стадыі разьвіцьця вэб-тэхналёгій і сайтабудаўніцтва наагул. Дык жа невядома ці будуць яны (гасьцёўні) нейкім чынам удасканальвацца або застыгнуць у сваім сёньняшнім стане яшчэ на нейкі час. Калі дапусьціць магчымасьць удасканаленьня гэтага інтэрактыўнага элемэнту сайтаў, то немалаважным момантам мусіла б стаць сыстэма абароны ад неадэкватных ананімаў – магчыма праз увядзеньне шэрагу дадатковых палёў абавязковых для запаўненьня пры дадаваньні запісаў у гасьцёўню. Ведама, гэта ня спыніць усіх злых анаімусаў, але стане пэўным фільтрам. Ну, а пакуль рызыка сустрэчы зь імі ў гасьцёўнях неймаверна велізарная. Прывяду даволі сьвежы прыклад (лёгіка падзеяў рэканструявана).
У гасьцёўні сайту адной беларускай поп-групы я пакінуў запіс, выказаўшы спадзяваньне на тое, што калі-небудзь група засьпявае і на беларускай мове.
Зроблена гэта было ў вельмі карэктнай, дасьціпнай форме, без усялякіх наездаў і заклікаў зьбірацца ў Бабруйск. Да таго ж, стараючыся быць публічнай асобай, я пазначыў у адпаведных палёх сваю электронную адрэсу і спасылку на мой сайт. Блізу дзевяцёх месяцаў гэты мой запіс правісеў зусім спакойна, аж покуль не зьявіўся
гасьцёўны неадэкват "Женя (Минск)", які
па-бэраму загадаў: "Научись писать по-русски!!!" Я адказаў адной са стандартных сеціўных фразаў "Вы хочаце пагаварыць пра гэта?", што не магло задаволіць
ананімуса і ён, "пераапрануўшыся" ў "Жору (Сморгонь)", напісаў той жа "загад" і
ўсугубіў дзела адрасным мацюком з трыма смайлікамі. Я адказаў тым самым стандартным пытаньнем, што дужа раззлавала
ананімуса, які спадзяваўся на маю гістэрыку.
На наступны пасьля гэтых тупых баталій дзень на электронную адрэсу, якую я пазначыў у гасьцёўне поп-групы (мой дадатковы малаўжываны, але дзейсны e-mail), прыйшоў ліст з тэмай "Postards.ru", у якім, падобна многім паштоўкавым сэрвісам, паведамлялася, што на маё імя была пакінутая паштоўка, і прапаноўвалася перайсьці "по следующей ссылке" на сайт, дзе я змагу гэтую віртуальную радасьць пабачыць. Не зважаючы на пэўную насьцярогу (нагоды для віншаваньняў ніякіх не было), я ўсё ж перайшоў па прапанаванай спасылцы, дзе здолеў разгледзіць толькі тэкст віншаваньня зь 1 Мая за подпісам "Женя", бо мой інтэрнэт-браўзэр зьнянацку быў спаралізаваны. Пазьнейшыя дадатковыя росшукі выявілі, што рэдырэктам мяне скіравала на стайню траянскіх коней – сайт-рассаднік вірусаў. Трохі раней я напісаў ліст стваральнікам сайта беларускай поп-групы з просьбаю адмадэраваць адпаведны фрагмэнт. Да іх гонару ўсе комэнты злых ананімусаў былі пацёрты, а мой допіс пакінулі некранутым.
Гэты эпізод добра абмалёўвае псыхалягію неадэкват-ананіма.
У нэт-паводзінах ён кіруецца прынцыпам
пасылаць усіх і ўсё. Аднак хаваецца пад маскамі, бо падспудна разумее, што першы лепшы
віртуальны двубой мах-на-мах, дзе ня будзе захавана яго ананімнасьць, пагражае яму паразай. Сваімі каранямі зьява сягае ў
оф-ляйн. Істотным чынам
неадэкват-ананіма нагадвае вучань, што піша на парце нешта кепскае пра іншых вучняў ці пра настаўнікаў, і спадзяецца, што ніхто не выкрые яго аўтарства. Пашырэньне магчымасьці доступу ў інтэрнэт, што назіраецца колькі апошніх гадоў у Беларусі, зрабіла магчымым зьяўленьне ў ім масы слаба падрыхтаваных да сеціўных спакусаў падлеткаў. Відавочна, што яны і пераносяць у нэт формы ўласных паводзінаў у рэале. А пра п'янкасьць інтэрнэт свабоды, якая
пажырае моск нават сталых людзей, даўно варта складаць паэмы і пісаць дысэртацыі!
Магчыма, што нэт-інфантылізацыя, якая адбываецца паралельна з распаўсюдам web 2.0, прымушае заснавальнікаў вэб-праектаў грунтаваць інтэрактыўныя блёкі сваіх сайтаў на прынцыпах прэмадэрацыі. Добрым прыкладам таму сайт газэты "Наша Ніва". На гэтым сайце кожны наведнік можа пакінуць свой камэнтар, не ўказваючы ніякіх дадатковых зьвестак пра сябе, апроч ніка. Здавалася б, вось яно раздольле для ананімусаў розных масьцей. Аднак насамрэч ніводны абразьлівы камэнтар ня будзе апублікаваны, пакуль ня будзе прагледжаны вэб-рэдактарам. Нешта падобнае, праўда на больш простай тэхнічнай аснове, ёсьць і на сайце, прысьвечаным маёй творчасьці. На некаторых сайтах, якія маюць інтэрактыўныя блёкі (апроч гасьцёўні), ананімнасьць часткова фільтруюць праз абавязковую рэгістрацыю: зарэгістраваўся – маеш права камэнтаваць допісы. Камэнтары публікуюцца адразу ж. У такой філязофіі зрэалізаваны моладзевы праект Generation.by.
Застаюцца сайты, дзе для доступу да карыстаньня інтэрактыўнымі формамі рэгістрацыі не патрэбна, але для адпраўкі камэнтароў мусова трэба пазначаць электронную адрэсу, якая пасьля нябачна іншым наведнікам старонкі. Сярод такіх сайтаў можна назваць Ultra-music.com, Nashaziamlia.org, пэрсанальныя блогі, рэалізаваныя на WordPress (у залежнасьці ад настроек), як прыкладам Antanian.draniki.com ці Hvost.org.
Частковыя ананімы
Наступную групу ананімаў магчыма акрэсьліць як ананімы частковыя. Да іх аднясем тых інтэрнаўтаў, рэальныя зьвесткі пра якіх можна і не адшукаць, але прытым іх ананімнасьць, зазвычай, нам не замінае (прымальная ананімнасьць). Калі ж раптам іх віртуальнае суседзтва пачынае нам перашкаджаць, мы ў стане іх ігнараваць/фільтраваць, выкарыстоўваючы тыя ці іншыя мэханізмы ўзьдзеяньня.
Калі гаварыць пра блогсфэру (той самы livejournal.com), то частковымі ананімамі для ўмоўнага ЖЖ-юзэра зьяўляецца бальшыня ягоных фрэндоў, каго ён ня здольны ўпэўнена атаясаміць з рэальнымі асобамі. Напрыклад, я як блогер, нічога ня ведаю пра 80% маіх узаемных фрэндоў. Гэта, аднак, не перашкаджае выкладваць у т.зв. падзамочных запісах нешта надзвычай пікантнае. Спэцыфіка блогінгу такая, што каб нарвацца на шалёнага ЖЖ-юзэра трэба добра пастарацца. А калі канкрэтна, то трэба абраць той спосаб паводзінаў, які характэрны для чыстых ананімаў зь ліку неадэкватаў. Ад падобнай назолы часткова ратуе занясеньне такога шаляніцы ў бан-ліст. У маім бан-лісьце ўсяго адзін ЖЖ-юзэр – водгульле адной зь віртулаьных беларуска-беларускіх войнаў. А так я істота даволі мірная, трымаючыся прынцыпу не сварыцца ў ЖЖ, аб чым і паведамляю ўсім наведнікам майго блогу ў прафайле сярод зацікаўленасьцяў.
Вядома, што дэкляраваньне сеціўнай міралюбівасьці яшчэ не панацэя ад наскокаў з боку частковых ананімаў.
Аднойчы ў маім блогу адзначыўся
ЖЖ-юзэр з Расеі (адсочана па IP), які спрабаваў падняць
нацыянальнае пытаньне. Ён бесцырымонна назваў беларускую кірыліцу
іерогліфамі і пацікавіўся, ці даўно
на маім хутары ёсьць доступ да сеціва – намёк на тое, што беларуская мова асацыюецца з глыбокай правінцыяй. Пры гэтым ён спасылаўся на ўласны досьвед побыту ў
Белоруссии, где на таком языке никто не говорит (цытаваньне прыблізане, бо, на жаль, не магу знайсьці адпаведны допіс). Загадзя было зразумела, што ані на які канструктыўны дыялёг разьлічваць не даводзіцца. Я мог бы проста зьнішчыць ягоны камэнтар, а яго самога
забаніць, але не зрабіў гэта. Падумалася, што такія дзеяньні з майго боку будуць для правакатара
чаканай перамогай. Таму пару сеціўных і беларускіх прымавак (пра
мапэд і
мужыка, як варону) у адказ госьціка зьбянтэжылі і ён зьляцеў у свой
ЖЖ-сэгмэнт, як той Карлсан, адзінае што, вярнуцца не абяцаў.
Аналягічную сытуацыю з чатковымі ананімамі маем на інтэрнэт-форумах. Працэнт ананімасьці, неверагодна высокі, але і тут яна здольная заставацца прымальнай, пакуль нехта з шулды-булды не пачынае мэтанакіравана абсяраць бліжняга свайго. Я зьяўляюся мадэратарам галінкі "Літаратура" на Вялікім мэханічным форуме і яшчэ ні разу ў маёй практыцы не было яўных абразьлівых атак на карыстальнікаў гэтай часткі рэсурса. І гэта спэцыфіка ня столькі аўдыторыі, колькі падобных форумаў наагул – тут прадугледжана хуткая сувязь з мадэратарам, а значыць і магчымасьць выказаць скаргу з нагоды чыёйсьці неадэкватнасьці.
Гэтага няма на даўнім беларускім літаратурным форуме Літара.net, з чаго вынікла не адна спрэчка сярод тамтэйшых заўсёднікаў, а праявы неадэквату дасягалі калясальных маштабаў. Між тым, калі пачыналася гаворка пра верагоднасьць тэхнічнай рэканструкцыі рэсурсу, многія літаранцы, ківаючы на традыцыю поўнай свабоды, выступалі супраць любых зьменаў, якія б маглі парушыць гэтую свабоду (а фактычна – сваволю). Можа ў чымсьці яны і маюць рацыю. Але адсутнасьць хуткай сувязі з мадэратарам даецца ў знакі зусім нечаканымі праявамі. Шукаючы праз google.com фатаграфіі актуальных беларускіх пісьменьнікаў, мне аднойчы давялося ўбачыць у першай дваццатцы выяваў здымак гомасэксуальнага акту са спасылкай акурат на Літара.net. З чаго сыр-бор запалаў? Проста нейкі ананімус, вырашыўшы абразіць кагось зь літаранцаў, пакінуў у камэнтарах лінк на адпаведнае фота. Верагодна, шмат хто з наведнікаў форуму бачылі гэта (пастаянная аўдыторыя сягае пад сотню чалавек). Але, раз няма пімпачкі "Паскардзіцца мадэратару", дык навошта парыцца, шукаючы са сьвечкай патрэбную электронную адрэсу?!
Што праўда, простай наяўнасьці мадэратараў недастаткова. Яны павінны быць адэкватнымі, бо па-сутнасьці ім даводзіцца выконваць функцыю арбітраў. Мне вельмі імпануюць мадэратары з форумаў Беларускай рэп-асацыяцыі (калі не сыходзяць у запой
). Абгрунтаваны зварот да іх не застаецца без разгляду – частковыя ананімы, якія пераходзяць мяжу прымальнасьці караюцца. Гэта тым больш сымпатычна, калі ўлічыць спэцыфіку рэсурсу, дзе, напрыклад, нецэнзурная лексіка не зьяўляецца забароненай.
Ананімы першага разу
Усё бывае ў першы раз – і цукерка "Кароўка", і сэкс, і наведваньне інтэрнэту таксама. Для тых, хто наведвае сеціва ўпершыню ці скрайне рэдка, трапляньне ў інтэрактыўныя асяродзьдзі тоіць небясьпеку. Для іх усе іншыя
інтэрнаўты зьяўляюцца ананімамі. Іх досьвед карыстаньня сеціва настолькі мізэрны, што яны ня ў змозе разумець адмысловы сеціўны слэнг, няздольныя ідэнтыфікаваць нават тых
карыстальнікаў сеціва, якія падаюць зьмястоўныя зьвесткі пра сябе. Таму апошняя катэгорыя ананімаў, якую я прапаноўваю,
ананімы першага разу – ці ня самая кур'ёзная, і ўсе мы можам належыць да яе.
Травень 2007 г., адмыслова для часопісу "Kakavo".