|
КЛУБОК АРЫЯДНЫ
ЧЫРВОНАСЬЦЯЖНАЯ
|
|
РЫФМА: ЛІРЫКА, ПЕРАКЛАДЫ, ПЕСЬНІ
Сучасная беларуская літаратура: вершы-2009
За медыйным туманам Рух транспарту на вуліцы Ангарскай змяніўся ў звязку з нейкай цьмянай казкай. Газеты, тэлевізія, парталы маўчаць пра войскі Ашурбанапала, а цвердзяць пра рамонтныя работы, пра восеньскія клопаты, турботы, пра роспач і ўздыханні цеплатрасы, пра горы іншай пазітыўнай трасцы. Але ні я, ні мой чароўны трусік, ні лялечка, каторай я баюся, не схільныя даваць ні кроплі веры медыйным крыжакам і флібусцьерам. Мы ведаем - Ангарскую закрылі, каб не псаваць ідылію з ідылій, каб войска войскаў Ашурбанапала ўрачыста песню песняў заспявала для каралевы блогінгу з Ангарскай і прынцу, што яе ўзяў казкай ды лепшай доляй Перскае дзяржавы. Картэж вясельны - стужкі і ўсе справы - імчыць зухвала па гасцінцах менскіх. Нявесту з жаніхом чакае пісар земскі. З пяром гусіным і пасмешкай рымскай у хаце абвязанай прапіскай пад перашэпт дажджу й прагнозы сьцюжаў ён іх абвесціць жонкаю і мужам. І ўсцешаныя гэткім добрым конам яны шчаслівыя памкнуць над Рубіконам па мосце і прычэпяць на парэнчы замок ад клеці, каб па-чалавечы замацаваць свой шлюбны звяз трывала пад гімны войскаў Ашурбанапала.
23.10.2009 г.
Выказацца з нагоды прачытанага (прэмадэрацыя)
|
| 


|