1. Адзначыць неарыгінальнасць назвы.
2. Вылучыць з альбому найбольш хітовую песню і адзначыць, што яна нагадвае нешта з творчасці расійскіх выканаўцаў (пажадана з цытатай, якая па-за кантэкстам выглядае бязглуздай).
3. Даць зразумець, што найбольш хітовая песня магла стаць адпраўным пунктам узлёту гурта (выканаўцы), але такім не стала.
4. Тлумачэння сваёй пазіцыі па пункту №3 даваць неабавязкова. Лепш:
а) утапіць патэнцыйнага чытача развагамі пра інструменты, якімі карыстаецца, карыстаўся ці павінен карыстацца выканаўца (гурт),
б) абвесціць, што з тэкстамі песень нешта здарылася, але не ў добры бок,
в) паўшчуваць за лексіку, спасылаючыся хаця б на 90-я гг. ХХ ст. (можна і на 80-ыя ХІХ ст., але тады ты вельмі рызыкуеш).
5. Заяўляць пра ўсё гэта трэба тонам безапеляцыйным, але збольшага спакойным, нібы ты спяваеш калыханку.
6. У другі раз даць зразумець чытачу, што гурт (выканаўца) прагэпаў магчымасць радыкальнага павароту ў сваёй творчасці.
7. Простым тэкстам заявіць, што ў альбоме ёсць песні з дзвюх нотаў (не старайцеся пераплюнуць майстра і не пішыце пра песні з дзвюх нотаў).
8. Вярнуцца да паралеляў з іншымі выканаўцамі (гуртамі) і правесці паралель з якім-небудзь беларускім выканаўцам (гуртом), робячы гэта такім чынам, каб арыгінальным выглядаў той, з кім праводзіш паралель. Пасля зноў узгадаць, што гурт (выканавец) асобнымі песнямі прыпадабняецца расійскім калегам (слова “калега” ужываць неабавязкова).
9. Заняцца пераробкай тэкстаў з закосам пад тонкі гумар без разнастайнасці думак, абыграць вядомыя выслоўі, прышчапіўшы да іх вобразы песень з разгляданага альбому.
8.12.2010 г.