Сяргій Жадан
Перавагі акупацыйнага рэжыму1
Настане дзень, і вернецца вясна.
З паўднёвых крэсаў бацькаўшчыны нашай
шмат птаства прыляціць. І гамана
сьвістлявых не чужых, а родных пташак
агучыць фабрыкаў і фэрм пэйзажы,
і грубы крой жаўнерскага сукна,
і мноства разнастайнага гаўна.
2
Але журба снуецца на палях.
Лашыца нэндза распаўляе крылы,
пакуль паэт да зор цярэбіць шлях
і кажа: я – народ, я маю сілы;
я з праўдай сплю, я бабадур няхілы.
3
Сумуе край у крызісе й брыдзе
сярод будынкаў мешчанін брыдзе,
з наяўным ад прыроды артыстызмам
гаворыць, а між словаў дзе-нідзе
спаўняецца нягеглым эратызмам
і даматканым антысэмітызмам.
4
Прайшоўшы басанож цераз сьцярню,
старэнькі Пэрэбэндзя стаў ля тыну,
мармыча ў нос пра ссучаных гайню,
якія ў гэткую жахлівую часіну
паклалі боўт на сорам і Ўкраіну,
з духоўнасьці зрабілі парахню,
змагарны дух спусьцілі на чухню.
5
Бядуе горад. Кінуўшы фрэзу,
рабочыя расьселіся на ганку,
забілі касякі, бузяць бузу,
разводзяць сьпірт, заводзяць варшавянку,
абцёршы соплі й чыстую сьлязу,
маёўку перайначваюць у п'янку.
6
Нядоля, мабыць, вёску абміне,
бо вёска – корань нацыі і воды,
што бураць бераг. Моладзь гучна мкне
за сельскім важаком, каб найшчыльней
злучыцца і вярнуцца да прыроды,
народныя завёўшы карагоды.
7
Таму жыцьцю й ніколі не згубіць
сваіх празрыстых голасных праекцый.
Дзяцюк імклівы, лёгкі сын эрэкцый,
стамлёную дзяўчынку шпарка – хвіць!–
бярэ з сабой, каб дзень пры дні рабіць
старанныя канспэкты пэўных лекцый,
забыўшы пра вымогі кантрацэпцый.
8
Ахопіць золак гарадзкое дно,
юнак са сьмеху фыркне ледзь чутно
і твар спатнелы абцярэ памысна,
бо сэкс ці кекс – папраўдзе ўсё адно.
Для шчасьця людзкага і так стае асноў:
шыпшына й вінаград – прыгожа і карысна.
У 2006-2009 гг. пераклаў Сяргей Балахонаў, паводле: Сергій Жадан. Переваги окупаційного режиму.